Галоўная / Навiны / Навiны раёна
21.09.2020

Праца ў лесе-справа ўсяго жыцця

   Дваццаць гадоў працуе ў Будзёнаўскім лясніцтве Мікалай Віктаравіч Дурко. За гэты час ім самім і пад яго кіраўніцтвам пасаджана 1400 гектараў лесу. Ляснічы адзначае, што яго заўсёды напаўняе радаснае пачуццё, калі ён бачыць плён сваёй працы-многія дрэвы ўжо дасягнулі 6-8 метраў у вышыню.
   Вось чаму ён з такой увагай ставіцца да вясновых пасадак лесу. Толькі сёлета было пасаджана 58 гектараў. Гэта дуб, клён, елка, хвоя, бяроза. Гэтай восенню будзе праведзена інвентарызацыя лясных культур першага і трэцяга года пасадкі. Прыжывальнасць павінна складаць не менш 92 адсоткаў. Таму вельмі важна было ўсю вясну і лета аказваць пасадкам павышаную ўвагу. Сыход за культурамі ў вегетатыўны перыяд ажыццяўляўся на плошчы 300 гектараў. Першачарговай задачай для кожнага работніка лесу з'яўляецца стварэнне культуры лесу. А на гэта сыходзіць не адзін дзясятак гадоў. Так, ўзросту спеласці іглічныя пароды дасягаюць на 81 год пасля пасадкі, бяроза - на 61, асіна - на 41. Саджаць лес дапамагалі лясніцтву школьнікі з мураванай Ашмянкі і Крэйванцаў, дзе пры школах дзейнічаюць школьныя лясніцтвы. Трэба заўважыць, што са сваімі абавязкамі хлопцы спраўляліся належным чынам, таму што самі яны выраслі на ўлонні прыроды, праводзяць шмат часу ў лесе за зборам ягад і грыбоў і ведаюць вялікую каштоўнасць лесу для чалавека.  Магчыма, хтосьці са школьнікаў у будучыні абярэ род дзейнасці, звязаны з лясной гаспадаркай. Так, напрыклад, атрымалася ў сям'і Дурко з Крэва. Акрамя самога Мікалая Віктаравіча, яшчэ два ягоныя браты працуюць у лясной гаспадарцы: адзін узначальвае лясгас у Дзятлаве, другі-Крэўскае лясніцтва. Сам Мікалай Віктаравіч добра памятае і свае дзіцячыя паходы ў лес, і тое, што любоў да жывой прыроды яму прышчапіла маці, па прафесіі-школьны біёлаг.
   Наступны важны момант у жыцці лясных культур-гэта перавод іх у пакрытую лесам плошчу, які ажыццяўляецца праз сем гадоў пасля пасадкі лесу. У бягучым годзе ў Будзёнаўскім лясніцтве было пераведзена ў пакрытую лесам плошчу 113 гектараў.
   У пажаранебяспечны перыяд лясная ахова працуе ў адмысловым рэжыме, які ў лясніцтве называюць «быць напагатове». Сёлета, на шчасце, не было ніводнага ўзгарання на лесафондзе. У склад лясной аховы ўваходзяць больш як двух дзясяткаў работнікаў лясніцтва. У АБАВЯЗКОВЫМ парадку арганізуецца дзяжурства леснікоў, пад пільнай увагай знаходзяцца тарфянікі ў Бунянах, Корвелишках, дзе ёсць асаблівая верагоднасць узнікнення пажараў.
   Займаецца лясніцтва і нарыхтоўкай драўніны. За восем месяцаў бягучага года было нарыхтавана 16 тысяч метраў кубічных драўніны з высечак галоўнага, прамежкавага і іншага карыстання.
   Займаюцца ў лясніцтве і так званым пабочным карыстаннем – гэта нарыхтоўка веніка лазневага (300 штук), венікі гаспадарчай (1000 штук).
   Па восені ўсе накіроўваюцца ў лес за грыбамі, добрым словам успамінаючы работнікаў лесу, якія яго пасадзілі, потым, старанна заляцаючыся, выгадавалі, каб ён служыў добрую службу ўсім людзям.
   Вось чаму ў размове ляснічы падкрэсліў, што ў яго калектыве ёсць людзі, якія аддалі лясной гаспадарцы многія гады працы, але пры гэтым у іх не страчаны цікавасць да працы і вочы гараць, калі размова тычыцца лесу і ўсяго, што з ім звязана. Для іх праца ў лесе-гэта справа ўсяго жыцця.   Гэта леснікі Станіслаў Антонавіч Гушча, Іван Антонавіч Пяткевіч, Станіслаў Паўлавіч Барткевіч, Міхаіл Мечыслававіч Ганцаўскі, вальшчык лесу Анатоль Феліксавіч Лукашэвіч, лесаруб Віталь Іванавіч Граблеўскі, машыніст па тралеўцы і вывазу лесу Валерый Генрыхавіч Бушмовіч. Усе яны, як заўважыў ляснічы Дурко, перажываюць за сваю справу.

Ашмянскі Веснік