Галоўная / Навiны / Навiны раёна
16.01.2023

У Ашмянах прайшла раённая спартакіяда работнікаў адукацыі

Традыцыйна на зімовых канікулах установы адукацыі Ашмяншчыны збіраюцца на раённую спартакіяду. Не стаў выключэннем і гэты год. Спаборніцтвы, арганізаваныя ўпраўленнем адукацыі і райкамам прафсаюза работнікаў адукацыі і навукі, аб'ядналі дзесяць каманд, кожная з якіх уступіла ў барацьбу з адзіным жаданнем — перамагчы і атрымаць запаветнае першае месца.

На ўрачыстым адкрыцці спартакіяды старшыня райкама галіновага прафсаюза Аляксей Дэрвіс і метадыст раённага вучэбна-метадычнага кабінета Людміла Гайдукевіч пажадалі ўдзельнікам удачы і мэтанакіраванасці, а таксама запаветных кубкаў, за якія і змагаліся каманды.

Спаборнічалі ўстановы адукацыі ў шасці відах спорту: валейболе, міні-футболе, тэнісе, гіравым спорце, стральбе і дартсе. І калі валейбол, гіравы спорт і міні-футбол былі прадстаўлены толькі мужчынамі, то ў тэнісе, дартсе і стральбе на дапамогу моцнай палове каманд прыйшлі жанчыны. Спаборніцтвы праходзілі на базе СШ № 1, СШ № 3 і аграрна-эканамічнага каледжа.

Лідары спаборніцтваў вызначыліся даволі хутка. У іх лік увайшлі СШ № 1 імя М.М. Гружэўскага, Кальчунская СШ, гальшанская СШ і Гімназія № 1. Больш за ўсё прызавых месцаў дасталася ў гэты раз камандзе Кальчунскай СШ, якая стала першай ва ўзняцці гіры, валейболе, а таксама ў тэнісе сярод жанчын. Добры вынік паказалі кальчунцы ў дартсе і стральбе, што ў выніку і вывела каманду на першую пазіцыю. Другое месца вырвала ў сваіх калег-сапернікаў з Гальшан каманда СШ № 1. Цудоўныя вынікі прадстаўнікоў гімназіі № 1 у стральбе і дартсе, на жаль, не дазволілі камандзе ўвайсці ў тройку лідараў.

Следам за гімназіяй размясціліся ў турнірнай табліцы каманды Дакурнішскай СШ, СШ № 3 і Граўжышкаўскай БШ. Першае месца прадстаўніка Цудзенішскай СШ у гіравым выглядзе спорту ў вазе звыш 90 кг не паўплывала на канчатковы вынік, гэтак жа, як і другое месца ў тэнісе Жупранскай СШ. У выніку гэтыя каманды разам з кракаўскім дзіцячым садам замкнулі турнірную табліцу.

Узнагароджанне пераможцаў і прызёраў раённай спартакіяды адбудзецца на пасяджэнні Савета ўпраўлення адукацыі.