Галоўная / Навiны / Навiны раёна
27.02.2023

У Ашмянах прайшло ўрачыстае мерапрыемства, прысвечанае Дню Абаронцаў Айчыны і Узброеных Сіл Рэспублікі Беларусь

Сёння ў Беларусі адзначаюць Дзень абаронцаў Айчыны і Узброеных Сіл. У самой назве – сутнасць свята, прысвечанага прадстаўнікам самай ганаровай і мужнай прафесіі.

Урачыстае мерапрыемства» адвага, мужнасць і гонар", прымеркаванае да гэтага свята, сабрала ў раённым Цэнтры культуры ваеннаслужачых, удзельнікаў баявых дзеянняў у Афганістане, членаў савета ветэранаў і працоўных калектываў.

У адрас тых, хто беражліва захоўвае і прымнажае слаўныя традыцыі армейскага братэрства, прагучала нямала цёплых, шчырых слоў. Са святам гасцей мерапрыемства павіншаваў Старшыня Ашмянскага райвыканкама Уладзіслаў Гершгорын:

— За больш чым векавую гісторыю наша армія не аднойчы станавілася на абарону свабоды і незалежнасці Радзімы, з'яўляючыся сапраўдным гонарам свайго народа. Найвялікшым прыкладам самаадданасці і стойкасці абаронцаў Айчыны з'явілася гераічная барацьба за вызваленне Беларусі ад фашысцкіх акупантаў. Вялікае пакаленне пераможцаў пераадолела найцяжэйшыя выпрабаванні, выстаяла і пакінула нашчадкам гістарычны ўрок мужнасці і адзінства народа.

Мы добра яго засвоілі, таму ў любым ваенным канфлікце цвёрда прытрымліваемся прынцыпу мірнага ўрэгулявання любых спрэчак. Пра гэта сьведчыць уся наша шматвяковая гісторыя – ні адна з шматлікіх войнаў, закрануўшы нашай зямлі, не пачыналася па ініцыятыве беларускага народа, — падкрэсліў Уладзіслаў Уладзіміравіч.

Кіраўнік раёна назваў сімвалічным аб'яўленне 2023 года Годам міру і стварэння, адзначыўшы, што сучаснае пакаленне абаронцаў Радзімы свята захоўвае і прымнажае слаўныя баявыя традыцыі сваіх гераічных папярэднікаў, надзейна забяспечвае абарону суверэнітэту, незалежнасці і тэрытарыяльнай цэласнасці дзяржавы.



У гэты значны для абаронцаў Айчыны Дзень ганаровыя граматы Ашмянскага райвыканкама прымалі намеснік ваеннага камісара-начальнік мабілізацыйнай групы ваеннага камісарыята Ашмянскага раёна Сяргей Андрыловіч, намеснік старшыні раённай арганізацыі грамадскага аб'яднання» Беларускі саюз афіцэраў " Іван Барысевіч, намеснік начальніка раённага аддзела па надзвычайных сітуацыях Дзмітрый Балзан, начальнік групы прызыву на ваенную службу ваеннага камісарыята Ашмянскага раёна Віталь Кішкель.



Да слоў віншаванняў далучыўся ваенны камісар Ашмянскага ваеннага камісарыята падпалкоўнік Ігар Місюкевіч, які ўручыў юбілейны медаль «100 год Узброеным Сілам Рэспублікі Беларусь» воіну-інтэрнацыяналісту Антону Бяляўскаму. Граматай Узброеных Сіл Рэспублікі Беларусь узнагароджаны старшыня раённай арганізацыі Беларускага грамадскага аб'яднання ветэранаў Уладзімір Бельчанка.



Музычныя падарункі для ўсіх прысутных падрыхтавалі работнікі ўстаноў культуры і вучні ўстаноў адукацыі.

Кранальная пастаноўка па матывах аповесці Барыса Васільева «А зоры тут ціхія», якую падарылі ўдзельнікі народнага тэатра раённага цэнтра культуры, не пакінула ні аднаго абыякавага — слёзы горычы наварочваліся на вачах гледачоў, а з імі — падзяку за мужнасць і гераізм ўсім тым, хто не дажыў да Перамогі.





Завяршылася ўрачыстасць цырымоніяй ускладання кветак да брацкай магілы ў гарадскім парку. Усе прысутныя ўшанавалі хвілінай маўчання загінуўшых у гады Вялікай Айчыннай вайны.