Галоўная / Навiны / Навiны раёна
15.05.2020

У Ашмянах прыём грамадзян правёў першы намеснік старшыні Гродзенскага аблвыканкама

   У Ашмянскім райвыканкаме прыём грамадзян і адначасова прамую тэлефонную лінію правёў першы намеснік старшыні Гродзенскага аблвыканкама Іван Алейзавіч Жук.
   Пытанне, з якім звярнуўся жыхар аграгарадка Крэйванцы, было, што называецца, сезонным: з прыходам вясны, а таксама восенню грамадзян часцей за ўсё хвалюе тэма добраўпарадкавання вуліц і дарог. Мужчына распавёў аб жаданні бачыць у сваім населеным пункце асфальтавае пакрыццё. У прыватнасці, на дарозе, якая вядзе да школы. Па гэтым пытанні ён звяртаўся ў райвыканкам, а таксама да старшыні сельвыканкама.
   Трэба прызнаць, што вуліцы ў аграгарадку не застаюцца без увагі дарожных службаў. Толькі сёлета работнікамі Ашмянскага ўчастка ДРБУ-159 некалькі разоў праводзілася іх грэйдаванне, Апошняе – у бягучым месяцы, растлумачыў сітуацыю прысутны на прыёме старшыня райвыканкама Уладзіслаў Гершгорын.Што тычыцца аргументаў, прыведзеных мужчынам на карысць рамонту менавіта гэтай дарогі, старшыня райвыканкама растлумачыў, што сёлета запланаваны бягучы рамонт на ўчастках дарог Будзёнаўка-Крэйванцы і Талмінава – мураваная Ашмянка, а таксама капітальны рамонт участка дарогі Гальшаны – Граўжышкі. Правесці капітальны рамонт дарожнага пакрыцця ў аграгарадку Крэйванцы пакуль не ўяўляецца магчымым, але пытанне стану дарог у населеным пункце па-ранейшаму будзе на кантролі як мясцовай улады, так і дарожнай арганізацыі. Прагрэйдаваць, спрафіляваць, падсыпаць-вось тыя задачы, якія стаяць перад дарожнікамі сёння.
   - У цяперашняй няпростай сітуацыі, прадыктаванай каранавірусам, мы павінны ўзважыць нашы жаданні і магчымасці і з улікам наяўных фінансавых сродкаў вырашыць, што галоўней сёння, а што можа пачакаць, - падкрэсліў Іван Жук. - Ва ўсім патрэбныя гаспадарскі падыход і ўзважаная ацэнка. Толькі вынікаючы выразнаму плану, адказна ставячыся да сваіх абавязкаў, можна дамагчыся выніку, навесці парадак у населеных пунктах і на зямлі, якая любіць гаспадарскае да сябе стаўленне.
   Працягнуў тэму гаспадарлівасці тэлефонны дыялог з жыхаром вёскі Гейстуны. Па словах мужчыны, вялікагрузны транспарт, а таксама Сельскагаспадарчая тэхніка, якая праходзіць праз вясковую вуліцу, разбівае і прыводзіць у непрыдатнасць дарожнае пакрыццё. Вясковец прапанаваў пусціць транспарт у абыход вёскі, праз прасёлкавую грунтавую дарогу. Дадзены пытанне будзе вывучаны раённай камісіяй па забеспячэнню бяспекі дарожнага руху сумесна з аддзяленнем ДАІ РАУС. Аб прынятым рашэнні жыхар Гейстун, таксама як і іншыя грамадзяне Ашмянскага раёна, якія звярнуліся на прыём, у адведзеныя тэрміны будзе апавешчаны пісьмова.

"Ашмянскі Веснік"